Перейти к содержанию Перейти в колонтитул

Папараць кветка растет в Прибужском Полесье

Папараць-кветка (Папараць, Жабіныя хованкі, Чортава барада)

Папараць-кветка — чароўны сімвал язычніцкага свята Купалля. Яна ажыццяўляе спрадвечную мару чалавека жыць багата, прыгожа, шчасліва. Але такое жыццё на зямлі даецца звычайнаму чалавеку нялёгка, таму і знайсці Папараць-кветку таксама няпроста, асабліва несумленнаму чалавеку. У вусна-паэтычнай творчасці лічыцца, што цвіце яна выключна ў купальскую ноч. У адных месцах — «толькі некалькі імгненняў», у другіх — «ад поўначы да світанку». На шляху шукальніка могуць паўставаць цёмныя сілы: ад нячысцікаў, ведзьмаў да іхніх паслугачоў са змяінага, птушынага і звярынага царстваў.

Навукоўцы сцвярджаюць, што падставаю для міфа пра гэтую расліну паслужыла рэальнае свячэнне спораў каралеўскай папараці (альбо чыставуста каралеўскага), у якой яны ўтвараюцца на мяцёлцы і нагадваюць кветку. Гэта папараць з’яўляецца візітнай карткай Прыбужскага Палесся, якая ў Беларусі расце толькі на тэрыторыі заказніка ў наваколлі возера Селяхи.

У беларусаў існавала шмат парад, як знайсці Папараць-кветку і як з ёю абыходзіцца, каб яна потым не нашкодзіла шчасліўцу і яго блізкім. Таму, хто знайшоў кветку на-ўмысна, трэба асцерагацца наканаванага лёсу. Той, хто выпадкова завалодвае кветкай, атрымлівае здольнасць разумець мову звяроў, птушак, раслін, бачыць схаваныя ў зямлі скарбы, можа «чытаць» лёсы людзей, вылечваць хворых. Вераць, што такі папаратнік замоўлены і належыць нячыстай сіле, а часам менавіта нячысцікі і падбухторваюць людзей на пошукі, каб забраць іх душы і зрабіць з іх ведзьмакоў.

На цесную сувязь расліны з нячыстымі паказвае яе другая назва «Чортава барада». Таму ў некаторых мясцінах яе «б’юць-ламаюць», каб яна не сеялася на полі, у лузе ці лесе. У гэтай барацьбе карысталіся і свянцонай вадой. Таго, хто набліжаецца да Папараць-кветкі, могуць напалохаць жудасныя пачвары («вужакі з петушынымі галовамі», «ведзьмы», «звяры нябачнай велічыні і лютасці»). Але той, хто выпадкова знаходзіць Папараць-кветку, пачынае чуць галасы схаваных каштоўнасцей, але не адразу разумее, што адбываецца. Карыстацца скарбамі трэба абачліва. Важна, каб на іх не было крыві забітых гаспадароў, інакш уладальнік кветкі становіцца саўдзельнікам злачынстваў. Несучы знойдзеную кветку, нельга азірацца, каб адразу ж не скамянець, хаця нячысцікі з усіх бакоў правакуюць на гэта.

Добры дух Купальскі Дзядок паводле народных уяўленняў ходзіць і збірае купальскія кветкі, з-за чаго яго кошык гарыць, як жар. Пры сустрэчы з ім трэба разаслаць абрус, і Купальскі Дзядок кіне на яго адну кветку. Разам з кветкай чалавек атрымае дар ведаць пра ўсё на свеце: дзе якія скарбы ляжаць, як да іх падступіцца, якія закляцці на іх накладзены і як іх зняць. Каб захаваць чароўную кветку, трэба, разрэзаўшы далонь правай рукі, закласці яе пад скуру. Тады ніякі нячысцік не зможа скрасці дзівосную расліну.

Народныя легенды і адданні пра свята Купалле пакладзены ў аснову сюжэту аповесці М.В. Гогаля «Вечар напярэдадні Івана Купала». Упершыню аповесць была надрукавана ў кніжках «Айчынныя цыдулькі» за 1830 год, без подпісу аўтара.

Са святам Купалля звязаны і сюжэт мастацкага фільма «Купальская ноч», які быў зняты на кінастудыі Белтэлефільм у 1982 годзе. Цікава, што фільм здымалі каля Маладзечна , у вёсцы Гліннае, каля ракі Вілія.

Нататка падрыхтавана для азнаямлення на аснове кнігі “Чароўны свет: з беларускіх міфаў, паданняў і казак”, пад рэдакцыйнай калегіяй Т.У. Бялова і іншых, якая выдадзена Беларускай энцыклапедыяй імя П.Броўкі ў 2010 годзе.

Оставить комментарий

Информационно-экологический центр

225020, ул. Широкая, 37, д. Леплёвка, Брестский район, Брестская область, РБ. 

e-mail biorezervat@mail.ru

+375 (162) 28-51-74

Офис

224005, ул. Кооперативная 1, офис 112, г. Брест, РБ

e-mail biorezervat@mail.ru

+375 (162) 40-56-00

Разработка и создание PROYKEY